Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Цікава ведаць пра сваю мову!

Дата: 9 февраля 2019 в 14:21, Обновлено 6 ноября 2021 в 14:57
Автор: Курда Н. С.

<article>

Изображение

Пра сваю мову

- Што такое народная мова?

- Народная мова гэта тая мова, на якой гаворыць увесь народ. Кажны народ мае сваю родную мову. Родная мова - вялікае народнае багацце, якое народ павінен высока цаніць і шанаваць, бо як кажа Алесь Гарун:

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце, 
Гэта скарб нам адзін захаваўся, 
У сялянскай аграбленай хаце 
Толькі ён незабраным застаўся.

- Па чым лягчэй пазнаць, што мы беларусы?

- Найлягчэй гэта пазнаць па нашай мове. Мова злучае людзей у адзін народ. І наша беларуская мова злучае больш 15 мільёнаў беларусаў.

- Чаму мы гаворым на беларускай мове?

- Бо яна наша родная, а кажны чалавек любіць сваю родную мову: так, напрыклад, немец любіць мову нямецкую, балгарын - балгарскую, а беларус - беларускую. І ўсё, што добрае, усе мудрасці свету - навуку, літаратуру - мы найлепей разумеем і любім, калі чуем на сваёй роднай мове, бо яна нам найбольш зразумелая і прыступная. У сваёй хаце мы, бывае, мала бачым сваю любасць да нашай мовы, затое будучы на чужыне, як толькі пачуем нашую мову, дык вельмі цешымся. Бо чалавеку наймілей чуць і гаварыць на сваёй роднай мове.

- Якая нашая мова?

- Нашая мова адна з найчысцейшых у славянскай сям'і моваў. Яна мілагучная, вельмі спеўная і гібкая, пра што вельмі надаецца да паэзіі і спеваў. Дзеля таго, што мова нашая захавала даўнейшы славянскі характар, яна - як маці у славянскай сям'і моваў. Да яе, як дзеці да маткі, - падобныя усе славянскія мовы: маскоўская, сербская, чэшская. украінская, польская і інш. Але пры гэтым яна зусім асобная, самабытная мова, як і кожная іншая. Ворагі нашага народу лгуць, што мова нашая не самабытная, калі кажуць: "Гэта мешаніна маскоўскай і польскай моваў". Гэтак могуць гаварыць толькі нашыя зладумцы або цёмныя людзі. Шмат вучоных людзей розных нацыянальнасцей навучаліся нашай мове і пісалі аб ёй кнігі, і ўсе яны ў адзін голас кажуць, што мова беларуская зусім самабытная, асобная мова, такая ж самая асобная славянская мова, як польская ці маскоўская.

Даўней наша мова была адной з самых культурных усходне-славянскіх моваў, ёю гаварылі князі і вяльможы Вялікага Княства Беларускага (літоўскага), ды каралі польскія. Беларуская мова была мовай дыпламатычнай на усходзе Еўропы.

На беларускай мове ў Вялікім Княстве Беларускім (літоўскім) пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе урады і суды, адбываліся соймы і інш. Ад тых часоў захавалася шмат дакументаў, кніг, граматаў, напісаных на чысцюсенькай нашай беларускай мове.

- Ці маюць беларусы сваю літаратуру (пісьменства)?

- Мы, беларусы, маем багатае сваё асобнае пісьменства. Беларускае пісьменства, літаратура старэйшыя за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі мелі раней за беларусаў надрукаваную біблію на сваёй мове.

<pre> Чэшская біблія надрукавана ў 1488 г. Беларуская - 1517 г. Украінская - 1555 г. Польская - 1561 г. Літоўская - 1660 г. Маскоўская - 1751 г.</pre>

Беларусы даўнейшымі часамі мелі вельмі багатае сваё пісьменства. У XVI стагоддзі былі напісаныя і надрукаваныя на беларускай мове ўсе законы, духоўныя кнігі (праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія і рэфармацкія), гістарычныя, навуковыя і іншыя. Пасля наш народ заняпаў, яго задушылі, заціснулі, пры гэтым і пісьменнасць заглушылі. Калі нашая бацькаўшчына падпала пад Расею (Маскоўшчыну), дык нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць па-беларуску. Толькі ў 1905 годзе, у часе расейскай рэвалюцыі, беларусы дамагліся права друкаваць кнігі на сваёй мове. За кароткі час ад 1905 г. беларускія пісьменнікі напісалі шмат цікавых кніжак, стварылі новую беларускую літаратуру. 

- Ці беларуская мова адна на ўсёй Беларусі?

- Беларуская мова адна і тая самая на усёй Беларусі, але як і усе старадаўнія і жывыя мовы, так і наша мае свае адметы - дыялекты або гаворкі. У нас ёсць колькі такіх дыялектаў або гаворак, напрыклад, віцебская, смаленская, палеская, цэнтральная (менская, слуцкая) і г. д.

- Што сталася б, каб мы забыліся свае роднае мовы?

- Калі б мы нашу родную мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую, тады па усіх нас і след загінуў бы на зямлі.

Наш паэт Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) у прадмове да "Беларускай Дудкі" кажа: "Пазнаюць людзі людзей па абліччу ці па адзежы, якую хто носіць. Вось жа мова - гэта ёсць аблічча і адзежа душы людской".

Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў, - бацькоў, якія на гэтай мове гаварылі. Справядлівы, добры чалавек ніколі не саромеецца роднай мовы. Ён і сам гаворыць на сваёй роднай мове і глядзіць, каб і іншыя яе шанавалі.

Дык шануй, беларус, сваю мову, 
Гэта скарб нам на вечныя годы; 
За пашану радзімаму слову, 
Ушануюць нас брацця-народы.

</article>
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.